Пра мову
"Не магу маўчаць...". Здаецца, менавіта так напісаў некалі Якуб Колас у сваім лісце ў ЦК КПБ аб крытычным стане беларускай мовы. Страшна, што абурэнне пісьменніка недастатковаю ўвагаю да роднай мовы, выкладзенае больш за 50 гадоў таму, актуальнасці сваёй не страціла.
Усё ведаю, адчуваю, бачу, але сёння нешта асабліва зачапіла. Была я на невялічкай нарадзе прадстаўнікоў літаратурных музеяў Мінска. Плануецца ў нас тут адзін сумесны праект для малодшых школьнікаў. І вось на самым пачатку адна з прадстаўніц задае пытанне пра мову праекта. Маўляў, існуе праблема і асабліва ў малодшых школьнікаў, што мовы беларускай яны не разумеюць, што на сваіх занятках супрацоўнікі музея вымушаны працаваць не толькі як экскурсаводы, але і як перакладчыкі ну і г.д. Вось у мяне, кажа, сям'я беларускамоўная, дзеткі мае ў беларускамоўнай гімназіі вучацца, але я пастаянна сутыкаюся з тым, што і дзеці, і дарослыя не тое што не гавораць па-беларуску, але і элементарнага не разумеюць. Трэба, мо, нейкія слоўнічкі для наведвальнікаў рыхтаваць?
Ой, людцы, мне ажно неяк вусцішна зрабілася. Ды глупства ўсё гэта! Дзеці ўсё разумеюць. На генетычным узроўні. Як вы ўжо надта сумняваецеся, падбірайце для іх словы прасцей, тлумачце сэнс - і ўсё будзе ў парадку. Гэтыя надуманыя праблемы пра непадрыхтаванасць нашых дзетак пасля дзіцячага сада да беларускай гаворкі мяне проста забіваюць. Бо праблема не ў дзецях, а ў дарослых.
Вось у нас надоечы быў выпадак у школе. Прыехалі мы туды з лялечным прадстаўленнем. Заходзіць 3 клас, і іх настаўніца кажа: "Ребята, спектакль будет идти на белорусском языке. Вам не все будет понятно (!!!), но как воспитанные дети, вы должны сидеть тихо". А я ўпэўнена, што дзеці ўсё зразумелі. І заўсёды разумеюць. І экскурсіі, якія мы часта насуперак волі настаўнікаў праводзім па-беларуску, яскрава гэта даказваюць. І не трэба прывучаць дзетак да таго, што мова беларуская - гэта мова замежная. Бо так недалёка да часу, калі ў графе "валоданне мовамі" нашы дзеці будуць насупраць беларускай пазначаць - "читаю и перевожу со словарем".





Добавить комментарий